МЫ́ТНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканад. акт, які вызначае прававыя, эканам. і арганізац. асновы мытнай справы, накіраваны на абарону эканам. суверэнітэту і эканам. бяспекі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе знешнеэканам. сувязей. Прыняты Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне ў 2-й пал. 1998. Складаецца з 15 раздзелаў, 45 глаў і 273 артыкулаў. Да 1998 на тэр. Беларусі дзейнічаў мытны кодэкс 1993. Апрача агульных палажэнняў змяшчае і рэгламентуе арганізац. пытанні кіравання мытнай справай; вызначае мытныя органы дзяржавы і іх кампетэнцыю; замацоўвае асн. прынцыпы перамяшчэння тавараў і трансп. сродкаў праз мытную граніцу; устанаўлівае мытныя рэжымы, мытныя плацяжы, мытнае афармленне тавараў, мытны і валютны кантроль; вызначае асоб, якім даецца права на мытныя льготы; рэгулюе пытанні вядзення мытнай статыстыкі і таварнай наменклатуры знешнеэканам. дзейнасці; шэраг норм кодэксу прысвечаны злачынствам і адм. правапарушэнням у сферы мытнай справы, прававому статусу службовых асоб мытных органаў, іх правам і абавязкам.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)